
З 1 жніўня 2025 года ў Добрушскім раённым краязнаўчым музеі адкрываецца выстава, прысвечаная выдатнаму беларускаму майстру слова Івану Дамінікавічу Луцэвічу, больш вядомаму пад псеўданімам Янка Купала.
Сумесны з Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы праект таксама прысвечаны памяці Янкі Раманоўскага (1928–1974 гг.) – пляменніка класіка, мастака-графіка, юнацтва якога азмрочыла Вялікая Айчынная вайна. Дзяцінства яго прайшло ў доме паэта ў Мінску і на дачы ў Ляўках. Мастацкую адукацыю ён пачаў атрымліваць у 11 гадоў у Мінскай студыі юных талентаў. У 1947 г. паступіў у мастацкую школу ў Мінску. З 1953 па 1959 гг. вучыўся ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце.
Большая частка творчай спадчыны Раманоўскага звязана з выявай жыцця і творчага шляху роднага дзядзькі. Як член Беларускага саюза мастакоў, Янка Раманоўскі з 1969 г. да канца жыцця працаваў мастацкім рэдактарам часопіса "Маладосць".
Аснову выставы складаюць гравюры юбілейнага альбома "Янка Купала" (1971 г.).